Свята-Троіцкі касцёл в. Плябанаўцы

Сёння, у Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін, мы хацелі б расказаць вам пра галоўную славутасць вёскі Плябанаўцы - касцёл Святой Тройцы.

Святыня ўпершыню згадваецца ў 1522 годзе ў спісах касцёла Віленскай дыяцэзіі, і лічыцца, што храм быў пабудаваны з дрэва жонкай Жыгімонта I Старога, каралевай Бонай Сфорца. Польскія навукоўцы мяркуюць, што мясцовая парафія магла быць закладзена яшчэ раней будаўніцтва храма, у 1510 годзе каралём Жыгімонтам I Старым. Сам касцёл быў асвечаны як Свята-Траецкі і за ўвесь час існавання не мяняў сваёй назвы.

Будынак сучаснага касцёла Св. Тройцы быў пабудаваны ў 1740 годзе ў стылі барока стараннямі святара Франца Абрамовіча (ks. Franca Abramowicza) па фундацыі ежы дэ Сіанна Сененскага (Jerzego de Sianno Sienieńskiego). У 1790-1799 гадах храм быў пераабсталяваны на ахвяраванні маршала Яна Тадэвуша Біспінга, які стаў уладальнікам маёнтка ў Струбніцы. На яго сродкі быў абноўлены дэкор інтэр'еру, створаны адзін з алтароў. Таксама пры касцёле ў гэты перыяд пры фінансавай падтрымцы Біспінга быў пабудаваны будынак, у якім размясціліся бальніца і школа.

Першапачаткова касцёл быў пабудаваны з дзвюма вежамі па баках ад уваходу. Аднак у XIX стагоддзі вежы былі разабраны падчас чарговага рамонту касцёла, які праходзіў на сродкі Адама Біспінга. З тых часоў галоўны фасад быў дапоўнены высокім франтонам з невялікай чатырохвугольнай вежай пад шатровым купалам. Таксама да касцёла была прыбудавана капліца.

У савецкі час касцёл быў зачынены, але вернікі даглядалі святыню і не дазволілі выкарыстоўваць яе ў якасці склада. Парафіяне прыходзілі ў касцёл самі і маліліся без святара. Як маглі, падтрымлівалі ў сваім храме парадак. У 1970-я гады храму быў нададзены статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння.

У 1989 годзе на Вялікдзень у Струбніцы аднавіліся набажэнствы з уласным пробашчам. Касцёл адрэстаўравалі дзякуючы дапамозе дзяцей Казіміра Біспінга (1887-1941) - апошняга ўладальніка Струбніцы. Пра гэта сведчыць мемарыяльная пліта ў нартэксе касцёла, усталяваная ў 1991 годзе.

Барочны касцёл Св. Тройцы ў Плябанаўцах адносіцца да тыпу традыцыйнай і папулярнай драўлянай архітэктуры ВКЛ другой паловы ХVIII стагоддзя. Да таго ж у інтэр'еры касцёла захавалася першапачатковае ўбранне (тры алтары з абразамі, драўляныя разьбяныя скульптуры ХVIII стагоддзя і многае іншае).

Відэа Касцёл Святой Тройцы в. Плябанаўцы

20