03.02.2023. Адкрыццё юбілейнай выставы жывапісу і графікі «Леанід Шчамялёў — ЛЮСТЭРКА ЭПОХІ» ў галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва

3 лютага 2023 года ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва адбылося адкрыццё юбілейнай выставы жывапісу і графікі народнага мастака Беларусі Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння Майстра.

Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў – выдатны мастак сучаснасці, які ўнёс значны ўклад у развіццё мастацкай культуры Беларусі. Яго творчая спадчына адлюстроўвае важнейшыя падзеі гісторыі краіны і штодзённасці, падымае сур’ёзныя грамадзянскія і філасофскія праблемы, падахвочвае да разважання пра самыя важныя для чалавека рэчы: пра дабро і зло, пра Радзіму і яе лёсы, пра каханне і радасць жыцця.

Упершыню ў адной галерэйнай прасторы прадстаўлена 150 карцін народнага мастака Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва. У дзевяці залах Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва можна пазнаёміцца са знакавымі працамі патрыятычнай тэматыкі – «Радзіма», «На роднай ніве», «Мора нарачанскае», «Светамесяц», «На зямлі Агінскага», «Вяснянскае поле», краявідамі – «Сонечны ранак», «Суботні дзень», «Мінскае мора», «Вогненны лён», «Лівень», партрэтамі вядомых дзеячаў і блізкіх людзей, напоўненымі псіхалагічнай глыбінёй, выдатнымі нацюрмортамі – пышнымі і сціплымі, яркімі і пяшчотнымі, якія распавядаюць кожны сваю гісторыю.

У рамках вернісажу адбылася прэзентацыя юбілейнага медаля народнага мастака, гашэнне юбілейнай маркі, а таксама быў прадстаўлены фільм пра Майстра.

504