Музейныя заняткі «Нараджэнне кнігі»

У пачатку новага года школьнікі, што наведваюць заняткі ў рамках музейна-педагагічнай праграмы, звярнуліся да самых пачаткаў з'яўлення такога, здаецца, вельмі знаёмага прадмета, як кніга. На занятках «Нараджэнне кнігі» яны даведаліся пра ўзнікненне кнігі як найвялікшага вынаходніцтва чалавецтва, пра матэрыялы, якімі карысталіся з глыбокай старажытнасці розныя народы свету для пісьма: камень, гліну, пальмавыя лісты, папірус, пергамен, бяросту і, нарэшце, паперу. Юныя наведвальнікі не толькі пачулі аповед супрацоўніка музея, але і патрымалі ў руках некаторыя матэрыялы, параўналі, вызначылі станоўчыя і адмоўныя бакі выкарыстання кожнага з іх для стварэння кніг. Вельмі цікавым для хлопчыкаў і дзяўчынак было даведацца пра разнастайныя формы кнігі, іх паходжанне.

На занятках дзеці не толькі слухалі цікавы аповед, разглядалі спецыяльна падабраныя малюнкі, глядзелі відэасюжэт пра адліў паперы, але і прынялі ўдзел у стварэнні кнігі-кодэкса. На яе старонках школьнікі ў далейшым будуць запісваць свае ўражанні ад заняткаў, якія яны наведаюць да канца навучальнага года. 

429